Архив новостей - Гимназия №1 имени В.А.Короля г.Червеня
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

Ход канём, альбо Як у чэрвеньскай гімназіі №1 вучняў шахматамі захапілі

18.04.2018


© Лаборатория Икс, 2009−2018

Па той бок журналістыкі / Ход канём, альбо Як у чэрвеньскай гімназіі №1 вучняў шахматамі захапілі

“Канём хадзі, канём!”, “Эх, празяваў!”, “Дзякуй за гульню!” Гэтыя ды іншыя выказванні проста лунаюць у паветры кабінета фізікі гімназіі №1 горада Чэрвеня. Тут ужо другі навучальны год умела падагравае цікаўнасць да шахмат, у тым ліку і асабістым прыкладам, настаўнік фізікі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах з красамоўнай назвай “Белая ладдзя” Міхаіл Халадзінскі.
Шахматны бум
Калі пару гадоў таму ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама абмяркоўваліся прапановы, чым карысным, апрача існуючага, заняць дзяцей, узгадалі ў тым ліку і пра шахматы. Ідэя не новая, але добра-такі прызабытая.
Памятаю, як у маім уласным школьным дзяцінстве, якое прыпала на 1980-ыя, раённыя, абласныя і рэспубліканскія турніры ладзіліся рэгулярна. Адзін раз на год – абавязкова.
Я сама навучылася гуляць у шахматы яшчэ ў маленстве – ад таты і старэйшага брата. Пераехаўшы з вёскі Клінок у горад Чэрвень і пайшоўшы тут у трэці клас, на раённых спаборніцтвах заняла адразу трэцяе месца. Пасля, з чацвёртага па восьмы, былі толькі першыя. Не кінула я сваё захапленне і ў дарослым жыцці. Таму сапраўды магу ацаніць відавочную карысць адраджэння цікавасці да гэтай гульні ў гімназіі.
-- Мне таксама хацелася навучыцца гуляць у шахматы яшчэ ў дзяцінстве. І ў юнацтве гэтае жаданне не знікла, -- шчыра прызнаецца дырэктар гімназіі №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня Аксана Калтовіч.
-- Памятаю, як мы гулялі з дзядулем у шашкі. А вось у шахматы так і не давялося. І калі тут узнікла ідэя навучыць нашых гімназістаў, я найперш спыталася ў выкладчыкаў, хто ўмее гуляць і каму гэта цікава. Адгукнуўся Міхаіл Халадзінскі. Ён вельмі цікавы, таленавіты, яго любяць вучні. Да настаўніка найперш і пацягнуліся.
І калі ў мінулым навучальным годзе мы арганізавалі аб’яднанне па інтарэсах “Белая ладдзя”, дык праз тры-чатыры месяцы назіралі сапраўды шахматны бум! Да ўрокаў, пасля ўрокаў, на перапынках дзеці сядзелі за шахматнымі дошкамі – вялікімі, магнітнымі, кішэннымі... Прычым захапіліся і старшакласнікі. Гулялі партыю, а калі звінеў званок, фатаграфавалі яе і адстаўлялі дошку на шафу. А на наступным перапынку садзіліся і працягвалі. Нават назіраць за гэтым было цікава. Да канца навучальнага года захапленне крыху зменшылася. А сёлета ўжо вучні сярэдніх класаў перанялі эстафету ад старшакласнікаў. Прычым прыходзяць пагуляць у шахматы не толькі тыя, хто наведвае аб’яднанне па інтарэсах, але і іншыя, каму сапраўды гэта цікава. І атрымліваецца, што Міхаіл Леанідавіч прыходзіць у гімназію а восьмай раніцы, а сыходзіць а пятай вечара. Бо гуляюць тут у шахматы не раз на тыдзень, а штодня. Спадзяюся, што і ў мяне калі-небудзь усё ж з’явіцца вольная хвілінка, каб павучыцца ў Міхаіла Леанідавіча гуляць у шахматы!
Уласны прыклад
Захапленне самога кіраўніка аб’яднання па інтарэсах, натуральна, вырастае яшчэ з маленства. Каб заняць цікавай і карыснай гульнёй сваіх чацвярых дзяцей, бацькі набылі ім шахматы. Старэйшыя асвоілі, меншыя ад іх навучыліся. Быў у Міхаіла Халадзінскага і ўласны шахматны бум – яшчэ падчас працы ў Хутарскай школе Чэрвеньскага раёна.
-- Гэта ў настаўнікаў было любімае захапленне! – прыгадвае ён. – Гулялі нават на перапынках. Часам дужа эмацыянальна, з такімі крыкамі, што хтосьці з калег адчыняў дзверы ў пакой адпачынку і казаў: “Настаўнікі, ну вы цішэй!” (смяёмся). Даходзіла да таго, што тагачасны дырэктар, Софія Кайрыс, казала: “Калі зоймеце на раённых спаборніцтвах першае месца, тады не буду забараняць гуляць у школе. А так...” Хачу прызнацца, што сярод калег я быў не самым моцным гульцом.
-- А як ставіліся тады вучні Хутарскай школы да такога захаплення сваіх педагогаў?
-- Старэйшыя прасіліся пагуляць з намі.
-- І выйгравалі?
-- Было і такое. Асабліва калі фігуру “зяваеш” (смяецца). Мы ж гуляем да чыёйсьці памылкі звычайна...
-- Так! Таму мяне тата і вучыў у дзяцінстве: “Змагайся да апошняга!” Бо нават застаўшыся з адным каралём, можна звесці гульню да нічыёй, стварыўшы патавую сітуацыю.
-- Вось і я кажу дзецям: “Нічога страшнага, калі “зяўнуў” фігуру. Не здавайся!”
-- Як па-вашаму, што шахматы даюць дзецям, апрача развіцця лагічнага мыслення?
-- Па-першае, гэта – гульня. Цікавая, як і іншыя гульні. Па-другое, сацыялізацыя. Навучыцца, як паводзіць сябе, культуры стасункаў, культуры гульні, паважаць саперніка. Бо як некаторыя дзеці перажываюць, калі прайграюць, гэта жах! І слёзы, і нястрыманыя паводзіны. Непрыемна глядзець на такое. Таму падчас заняткаў вучымся стрымліваць сябе, дастойна ўспрымаць пройгрыш. А то ў час гульні могуць і на асобы пераходзіць.
-- А ці вучыце дзяцей, што трэба паціснуць руку, павіншаваць з перамогай, нават калі прайграў?
-- Безумоўна! Вучу, перш за ўсё, на ўласным прыкладзе. Пагулялі, руку адзін аднаму паціснулі: “Дзякуй за гульню!” Калі гуляюць двое, абавязкова ж ёсць і гледачы. І што мне падабаецца... Ужо няма такога, як год таму: падказаць, дапамагчы ці зганіць. Спачуванне ёсць, але па-добраму. А яшчэ вельмі прыемна, калі, нават не знаходзячыся побач з гульцамі, чую: “Які малайчына! Які класны ход!” Калі той, хто прайграе, умее так ацаніць саперніка... Такое выхаванне найперш ідзе з сям’і.
-- Міхаіл Леанідавіч, а вы самі чыталі спецыяльную літаратуру?
-- Абавязкова! Зараз жа ў інтэрнэце можна знайсці любыя дапаможнікі. Я тым, хто цікавіцца, паказваў сайты – дзе і што можна знайсці.
-- А ці займаецеся са сваімі выхаванцамі тэорыяй?
-- Літаральна напачатку з’яўлення аб’яднання па інтарэсах, калі да мяне прыйшлі старшакласнікі, я паспрабаваў даваць тэорыю. Але хутка высветлілася, што многія ў ёй разбіраюцца нават лепей за мяне. Той жа Арцём Жабурдзёнак. Бо яны гуляюць у шахматы анлайн, па інтэрнэту, і даволі паспяхова. Да таго ж, вучні з высокай матывацыяй навучыліся самі здабываць веды па тэорыі шахмат.
Зараз у мяне займаецца сястрычка Арцёма сямікласніца Насця Жабурдзёнак. Дык ёй ужо няма роўных сярод дзяўчат. Але я не лічу гэта сваёй заслугай, там вельмі моцнае выхаванне ў сям’і.
Сёлета старэйшыя дзеці ўжо адышлі ад шахмат, яны больш думаюць пра падрыхтоўку да выпускных іспытаў. А ў “Белай ладдзі” сямікласнікі, якія летась шасцікласнікамі да мяне прыйшлі. І прагрэс відавочны.
Проста цікава
Сямікласнікі Паша Маслоўскі і Давід Давцян за шахматнай дошкай сустракаюцца не ўпершыню.
Пашу навучыў гуляць дзядуля, а Давід асвойвае мудрагелістую гульню якраз пад кіраўніцтвам настаўніка Міхаіла Халадзінскага. Абодва валодаюць хітрымі прыёмчыкамі, займаюцца, каб развіваць інтэлект. Стараюцца прадбачыць развіццё сітуацыі на некалькі хадоў наперад. Але, бывае, у сваіх разліках памыляюцца. Кажуць, што на пройгрышы рэагуюць спакойна.
Іх аднакласнік Цімафей Паўлаў запэўнівае, што і ў яго, калі прайграе, рэакцыя стандартная.
Гэта значыць, не плача, саперніка не зневажае. Цікава, што навучыла яго гуляць яшчэ гадоў шэсць таму мама.
Ёсць сярод аматараў шахмат у чэрвеньскай гімназіі №1 і дзяўчаты. З братамі гуляюць дома васьмікласніца Кацярына Лявонава і сямікласніца Насця Жабурдзёнак.
І калі першая на турніры яшчэ не ездзіла, дык другая на занальных спаборніцтвах ужо двойчы перамагала. Хаця Насця і кажа, што ставіцца да шахмат найперш як да гульні, за якой можна з карысцю бавіць час, але калі надараюцца пройгрышы, дома аналізуе іх з братам.
Адзінаццацікласнік Яўген Ахрамовіч, нягледзячы на занятасць, і зараз знаходзіць час на сваё захапленне.
Шахматамі цікавіцца яшчэ з маленства, прычым грунтоўна. Глядзеў турніры, ведае чэмпіёнаў розных гадоў. Аднолькава паспяхова гуляе як белымі, так і чорнымі фігурамі. Кажа, што для кожнага колеру ёсць свае стратэгіі і тактыкі. А ўвогуле, як мне падалося, Яўген з лёгкасцю можа ўжо і кіраўніка аматарскага аб’яднання замяніць, калі ўзнікне такая патрэба.
Навучаць малодшых
Як вядома, у Беларусі з 2016/2017 навучальнага года дзейнічае праграма “Шахматны ўсенавуч”, распрацаваная спецыялістамі Міністэрства адукацыі сумесна з Беларускай федэрацыяй шахмат і Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. У яе рамках малодшых школьнікаў вучаць гуляць у шахматы на факультатыўных занятках.
У гімназіі асновы гэтай гульні для сваіх другакласнікаў выкладае настаўніца пачатковых класаў Ірына Невяроўская.
Але і тут шахматамі зацікавіліся не толькі тыя гімназісты, якія запісаліся на факультатыў, але фактычна і ўвесь вялікі (30 чалавек) клас. Да ўрокаў і на перапынках стае ахвотных пагуляць. Тым больш, як зазначае Ірына Віктараўна, сярод яе выхаванцаў ёсць такія, хто, прыйшоўшы ў першы клас, ужо ўмеў гуляць у шахматы. Сярод іх – Цімафей Дзьячэнка, Дзіма Прышывалка, Мацвей Рабкін...
Цікава, што сама настаўніца шахматы асвойвала ўжо ў дарослым узросце.
-- Калі яшчэ працавала ў Дамавіцкай школе Чэрвеньскага раёна, спатрэбілася прадставіць сваю ўстанову адукацыі на раённых спаборніцтвах, -- прыгадвае яна. – А я трохі ведала, як ходзяць фігуры. Потым спецыяльна ўзяла кнігу і два тыдні працавала з ёй, асвойвала шахматы. Памятаю, што заняла тады трэцяе месца. Але, трэба прызнацца, жанчын было мала... Потым пачала гуляць у шахматы з камп’ютарам. І калі дырэктар гімназіі Аксана Мікалаеўна Калтовіч прапанавала весці факультатыў, пагадзілася. Мне вельмі дапамагаюць відэаўрокі ў інтэрнэце пад назвай “Шахматная школа”.
Шахматы ў нас – гэта добрая альтэрнатыва мабільным тэлефонам. Лічу, што іх ужыванне ў гімназіі павінна быць зменшана, і нашмат. Асабліва сярод малодшых школьнікаў. Дзеці павінны гуляць у інтэлектуальныя і рухомыя гульні, як было ў нашым дзяцінстве. Напрыканцы года для самых здольных зладзім турнір “Шахматная каралева”.
Прыемна, што і сярод другакласніц ёсць дзяўчаты, якія таксама цікавяцца гульнёй.
Вольга Бандаровіч і Карына Тарасік даволі ўпэўнена перастаўлялі фігуры, засяроджана гледзячы на дошку.
Ёсць у дырэктара гімназіі Аксаны Калтовіч і настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Невяроўскай і яшчэ адна цікавая задума. Яны хочуць зрабіць шахматную дошку на асфальце, а вялікія фігуры выразаць... з сілікатных блокаў! Аказваецца, Ірына Віктараўна самастойна, з дапамогай інтэрнэту, асвоіла выразанне і аздабленне разнастайных фігур з блокаў. Вось і сімвал гімназіі – сава, ля якой яна сфатаграфавана, таксама выйшла з-пад яе ўмелых рук.
Некалькі адмысловых вырабаў упрыгожваюць гарадскі дзіцячы парк.
Лічу, калі ў гімназіі з’явяцца такія шахматы, гэта яшчэ больш паспрыяе захапленню імі вучняў усіх узростаў. І, магчыма, менавіта тут вырастуць новыя чэмпіёны Беларусі.


function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}

Фотоматериалы

  • Неделя молодежи и студенчества стартовала в Беларуси