Восень... дождж... Але ж, як кажуць, у прыродзе няма дрэннага надвор'я. Таму першакласнікі смела адправіліся ў сваю першую вандроўку па цікавых мясцінах Беларусі. Тым больш, што побач былі бацькі.
У сядзібе "Свет пчол" нас сустрэў гаспадар - дзядзька Васіль, які шмат цікавага расказаў пра пчол, прапанаваўшы пакарміць сабраным лісцем самую вялікую пчалу сядзібы. Вялікай пчалой аказаўся... казёл! Пакармілі і пайшлі ў цёплую хату. Там для нас была падрыхтавана праграма "Пасвячэнне ў першакласнікі" з гульнямі і танцамі. Кожны вучань атрымаў памятны сувенір - ключык ад ведаў.
Яшчэ елі бліны з мёдам і пілі гарбату з водарам траў.
Сувеніры? А як жа без іх! Набылі іх столькі, на колькі хапіла грошай!