Быў дажджлівы апошні студзеньскі дзень. За акном – сумнаваты пейзаж, аднак у ДУА “Гімназія №1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня” ў цёплай атмасферы бібліятэкі цікава праводзілі свой вольны час вучні 7 класа.
Юныя знаўцы сабраліся з мэтай паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальным турніры “Мая родная Беларусь”. Падрыхтавала і правяла гульню бібліятэкар Церашонак Алена Мікалаеўна. Цікавыя пытанні рознай складанасці, коштам ад дзесяці да пяцідзесяці балаў, чакалі сваёй чаргі.
Удзельнікам давялося здзейсніць экскурс у мінулае нашага народа, успомніць прадстаўнікоў беларускай міфалогіі, цікавыя святочныя традыцыі народа, гісторыю гарадоў нашай Радзімы. У час турніру дзеці падарожнічалі па карце Беларусі, успомнілі суседзяў нашай краіны, узгадалі рэкі і азёры, цікавых прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету.
Дапамаглі юным знаўцам веды па геаграфіі, гісторыі, біялогіі. Вядома, не засталіся без увагі імёны нашых славутых землякоў, герояў Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнікаў, мастакоў. Рубрыкі “Ваенная справа”, “Беларускія народныя інструменты” выявілі асабістыя схільнасці ўдзельнікаў мерапрыемства.
У час спаборніцтва свае багатыя веды і знаходлівасць праявілі Парфіановіч Паліна, Маковіч Павел, Вяргейчык Арсеній. Лідэрам у фінале стаў Красоўскі Арсень. Нягледзячы на дух спаборніцтва, супернікі шчыра апладзіравалі пераможцу…
Развітанне. За акном пасвятлела. Кроплі дажджу на шыбе пачалі выглядаць ужо не так сумна, а нават рамантычна. Да новых сустрэч!
Жыгімонт Наталля Уладзіміраўна,
класны кіраўнік 7 класа
ДУА “Гімназія № 1 імя У.А.Караля г.Чэрвеня”