Напярэдадні вясенняга свята – Міжнароднага жаночага дня – гімназічная бібліятэка гасцінна расчыніла дзверы для бабуль, якія, адклаўшы надзённыя справы, знайшлі час і завіталі на сустрэчу пад назвай “Сакрэты маладосці”. Жанчыны з цеплынёй узгадвалі свае маладыя гады, цікавыя гісторыі, дзяліліся жыццёвай мудрасцю, давалі парады, як справіцца з дрэнным настроем, абмяркоўвалі галоўныя якасці характару чалавека. Пад час шчырай размовы ўзгадвалі, як гадавалі сваіх дзяцей і як цяпер дапамагаюць гадаваць унукаў, што дае магчымасць не лічыць свае гады і заставацца маладымі душой.
Іх актыўнасць у конкурсах і віктарынах паказала, наколькі яны энергічныя і эрудыраваныя. За кубачкам гарбаты і пачастункамі нашы дарагія бабулі расказвалі пра свае захапленні, слухалі жывую музыку, успаміналі любімыя кінастужкі, прыказкі і прымаўкі, разгадвалі судоку.
Для дарагіх гасцей другакласнікі падрыхтавалі нумары мастацкай самадзейнасці. Іх дасціпныя спектаклі выклікалі шмат эмоцый і весялосці, дапамаглі падняць настрой.
На памяць аб сустрэчы госці свята атрымалі невялікія падарункі і, канешне ж, сфатаграваліся.