Доктар геолага-мінералагічных навук (1966), прафесар (1968). Нарадзіўся ў г. Чэрвені ў 1922 г. Дзяцінства І.С.Старобінца прайшло ў рабочай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 г. Чэрвеня паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт, а ў канцы 1940 г. быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. З першага дня Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце. У баях быў цяжка паранены, атрымаў інваліднасць. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. працягваў вучобу ў Саратаўскім універсітэце. У 1949 г., паспяхова закончыўшы вучобу, пачаў працаваць інжынерам у Туркменскім навукова-даследчым інстытуце нафты, праз год прызначаны загадчыкам нафтагазавай лабараторыі. На новай пасадзе ярка выявіўся талент маладога даследчыка. Ён першым пачаў комплекснае даследванне нафты, газаў Туркменіі і сумесна з геолагамі-нафтавікамі творча распрацаваў пытанні фарміравання залежаў нафты і газу і ацаніў перспектывы іх нафтагазаноснасці. У 1957 г. І.С.Старобінец абараніў кандыдацкую дысертацыю і з сакавіка 1959 г. узначаліў аддзел геахіміі нафты і газу Інстытута геалогіі і разведкі нафтавых і газавых месцанараджэнняў у Ташкенце.
Вялікую ўвагу вучоны надаваў падрыхтоўцы навуковых кадраў. Да 1982 г. ён падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук. Ён аўтар і сааўтар 160 друкаваных прац, у тым ліку 6 манаграфій і некалькіх метадычных рэкамендацый, атрымаў 8 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы.