Прафесар, доктар філалагічных навук Аляксандр Канстанцінавіч Кіклевіч - беларускі і польскі мовазнавец, славіст. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў весцы Задобрычча ў сям'і тэхнічнай інтэлігенцыі. З 1971 па 1975 гг. вучыўся ў сярэдняй школе № 1, якую скончыў з залатым медалем. Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і абароны ў 1984 годзе кандыдацкай дысертацыі працаваў на кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1995 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па агульным мовазнаўстве, у 2006 годзе атрымаў навуковае званне прафесара.
З 2000 года жыве і працуе ў Польшчы, у цяперашні час - у Інстытуце журналістыкі і сацыяльнай камунікацыі Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне. Дырэктар Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы, галоўны рэдактар часопіса „East Europe Review”. Супрацоўнічае з міжнароднымі фондамі падтрымкі навуковых даследаванняў: „Fonds zur Förderung der wis-senschaftlichen Forschung FWF“ (Аўстрыя), „Alexander von Humboldt - Stiftung” (Германія).
Прафесар Кіклевіч - аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку больш за 20 манаграфій, у галіне тэорыі і філасофіі мовы, камунікатыўнай лінгвістыкі, семантыкі, функцыянальнай граматыкі, псіхалінгвістыкі, сапастаўляльнага і прыкладнога мовазнаўства, а таксама папулярызацыі лінгвістычных ведаў.