Карнач Пётр Аляксеевіч - Гимназия №1 имени В.А.Короля г.Червеня
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Карнач Пётр Аляксеевіч

КАРНАЧ Пётр Аляксеевіч
(1932-1996 г.г.)

Беларускі мастацтвазнаўца, мастак. Кандыдат мастацтвазнаўства (1967). Нарадзіўся 1 мая 1932 г. у в. Клінок Чэрвеньскага раёна. Закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1955). Працаваў акцёрам у тэатры юнага гледача. Але з цягам часу П.Карнач захапіўся выяўленчым мастацтвам. Паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук Беларусі, паспяхова абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата мастацтвазнаўства, а потым працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела выяўленчага мастацтва гэтага ж інстытута.

П.А.Карнач апублікаваў 5 манаграфій: “С.Ф.Нікалаеў” (1970), “Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР” (1973), “П.В.Масленікаў” (1973), “Я.Чамадураў” (1984), “Мастацтва беларускіх дэкаратараў” (1989). Апрача таго, ён з’яўляецца адным з аўтараў 6-томнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, аўтарам раздзелаў па беларускім тэатральна-дэкарацыйным мастацтве і скульптуры для 8-га і 9-га тамоў “Истории искусств народов СССР”, навуковым рэдактарам шэрагу кніг, у тым ліку 3-га і 5-га тамоў “Гісторыі беларускага мастацтва”.

Напружаная навуковая праца не перашкаджала Пятру Аляксеевічу ўдзяляць увагу пейзажнаму жывапісу, якім ён займаўся са школьных гадоў. Валодаючы прыродным дарам маляваць, шмат працуючы над сабой, паступова авалодаў ён навыкамі прафесіі мастака-жывапісца. Яго карціны адлюстроўваюць хараство роднай зямлі, маляўнічую прыроду, любасць да іх, вызначаюцца выразнасцю, асаблівай шчырасцю. Для іх характэрна аўтарская індывідуальнасць, адметнае і ўдалае каляровае спалучэнне. У кожнай карціне часцінка душы мастака. У П.Карнача былі шматгранныя і невычарпальныя здольнасці. Валодаючы выразным, здатным голасам, ён выступаў яшчэ ў ролі спевака. Часам даваў канцэрты, у якіх прыгожа выконваў беларускія, рускія, украінскія народныя песні, рамансы, арыі з опер, песні сучасных кампазітараў. Дзяржаўная прэмія Беларусі (1996 г.).

Памёр П.А.Карнач 25.08.1996 г., пахаваны на могілках у в.Клінок Чэрвеньскага раёна.